Юрачак жыве праз два двары ад бабулядзядулевай хаты. Піць пачаў яшчэ, кажуць, у школе і з таго часу з зацяжнога запою не выходзіць. І выглядае ён нязьменна аднолькава, колькі яго памятаю: быццам якасная будаўнічая фарба, якая з часам не аблазіць ды не выгарае. Такі вечна малады, вечна п'яны. У вёсцы шмат п'янтосаў, але Юрачак, апрача свайго закансэрваванага зьнешняга выгляду, адрозьніваецца яшчэ і прагай браць усё, што кепска і някепска ляжыць. У нашай вёсцы, бадай, у кожным двары ён нешта зьнёс. Так, па дробязі: сякеру якую, мяшэчак бульбы, старое кола, некалькі цаглін... Усё гэта ён тут жа заганяе за пляшку ці бутэльку самагону, так што прамых доказаў ягоных несумленных учынкаў як бы і няма. Але вось парадокс – усе ведаюць, ХТО падчышчае іх двары (у хаты Юрачак ня лезе, на гэта ў яго табу), але разборак не ўчыняюць. І калі гаворка заходзіць пра нядаўна зьніклыя рэчы пяшчотна прыгадваюць Юрачка. Як там кажуць - “няма роду без выроду”. І ўсё яму, таму
уроду Юрачку даруюць. Ён яшчэ, дарэчы, і жаніцца некалі пасьпеў, не выходзячы з п'янага ўгару.
“Я та што – працую, дзяцей гадую, а ён у нас п'е”, - так кажа жонка кожнаму, хто ўсё ж такі прыходзіць за сваімі рэчамі. І паказвае ў бок сьпячага, нібы анёл, мужыка. Госьць уміляецца і сыходзіць.
Чаго я прыгадала Юрачка? Ды сьпёр у бабці сёньня зярно. Выграб апошняе са збана. Няма чым цяпер курэй карміць.