яшчэ · адно · мейсца · подыху...


Воля Афіцэрава

Recent Entries · Archive · Friends · User Info

* * *
Я не вытрымліваю і абарочваюся дахам пад галубамі. Праз сэкунду я ўжо паветра ў надзьмутым коле, і мяне ціснуць, ціснуць - паветра адное на ўсіх, я ў кожным коле. Пасьля я прамень ультрафіялету, ад мяне залежыць усё жывое на Зямлі. Потым я чалавек - і ад мяне нічога не залежыць!..
Я, чалавек, раблю крок. Гэта каштуе мне міліметра падэшвы, працы нярвовых канчаткаў, страчаных клетак скуры.
Я, жывая істота, раблю ўздых. Паветра нясецца гонкай з маёй крывёй.
Я, юная дзяўчына, кахаю. Каханьне каштуе мне жыцьця. Каханьне каштуе мне спакою, каханьне каштуе мне здароўя, каханьне каштуе.
Мае дзеці адказваюць за жыцьцё, я адказваю за сваіх дзяцей - я адказваю за жыцьцё? Не, ужо не.
Рабі што хочаш, жыві як хочаш, галасі ва ўсю глотку, кідай у людзей камяні, трымай над сабой парасон, толькі памятай заўсёды, што за сьцяною сьпіць немаўля - і ты нічога з гэтым ня зробіш.
Бяжы далёка, вяжы кашулі, але памятай заўжды, што ад нараджэньня табе ня далі рукі і ногі.
Чалавек, ты ня можаш нічога, але ты можаш усё - я ведаю, няхай мне ніхто ня верыць, але я ведаю.
турбуюць сэрца:
спЛин - Что ты будешь делать
* * *
Я прыехала на вялікую пляцоўку і зайшла ў вялікі будынак.
***Які жах, маці і тата тут, але іх ня будзе цэлых 33 дні.. Навошта мая валіза паехала асобна? Навошта я іду па гэтых лентах, па гэтай вялізнай гармоні?
***Мяне пасадзілі, але не далі паглядзець у вакно: "Ты яшчэ надта маленькая".
***Якія цікавыя плястыкавыя пляшкі з жоўтым сокам, вітамінкі. Хі-хі, яны ведаюць, што яны раздалі нам цацачныя відэльцы і нажы??? Відэльцы таксама плястыкавыя, белыя і, здаецца, калі на іх націсьнеш - яны зламаюцца (-:
Ой, так і ёсьць.. Які жах, зараз мяне забьюць за відэлец!
Ды не.. Можа ім усё адно?
***Але ж і смачныя тут цукеркі.
***Я іду па брукаванай вуліцы, абапал якой стаяць казачныя домікі з чырвонымі дахамі, выкладзеныя вялікімі белымі камянямі. Божа, наш горад ніколі ня будзе такім, нават, калі будаўнікам даць сто мільёнаў даляраў!!!
***
Я прачнулася ў нумары гатэлю. Адна. Нечакана, вядома, што адна. Дзіўна.. Як мяне ня ўзялі на сьняданак, і колькі зараз часу? У мяне нават гадзіньніку!
Я апранаюся і іду па незнаёмым горадзе. Мне шэсьць год. Я разумею, што трэба даросьлець. Тут і зараз. Тэр-мі-но-ва. Ад гэтага залежыць маё жыцьцё. Але я не гатова!!! Мне ніхто не сказаў, не папярэдзіў..
***Праз 33 дні я лячу дамоў. Аблокі перагарнуліся і падобныя зараз на сьнежныя сумёты ў нашым дворыку на Кэдышка.
Я гляджу ў вакно. Ніхто не сказаў, што нельга. Няхай, а я ведаю чаму - я дарослая..
* * *
* * *
Я ляжу. Мае ногі разам. Рукі па-асобку. Гляджу ў столь, на шпалеры, на старую лямпу.
Хто, скажыце, даў мне гэтую сафу, гэты сок у шклянцы, гэты асеньні вечар?
Хто расчыніў дзьверы, хто ўключыў гэтую музыку, хто прымусіў цябе мыць посуд?
Мне вельмі крыўдна.
Я думаю, можа ня варта..
насіць капелюшы, прыскокваць у патрэбных мейсцах, злаваць на разбураныя чолкі, на маленечкага брата, на вялікую бабулю?
Але ж гэта і глупа, але ж гэта і напісана. Так што сэляві, мая мілая, - будзем жыць.
.. Ой, як жа, мне зусім не патрэбны былі цукеркі перад супам, і фанцікі, без якіх у мяне і свайго трэшу хапала.. мне не патрэбна было злаваць на вас, родныя мае, я проста нарадзілася ў панядзелак..
На цябе я ня маю правоў злаваць, бо ты мне ніхто. Але я злую на цябе. Ну і сядзі там у сваёй кухні. Няхай усе, і ты разам зь імі, будуць жэрці саляту, а я паляжу.
Хто, хто, хто!!!
Хто жа адключыў мае нярвовыя канчаткі, намазаў мне сьлязьмі пад вачыма, хто ўставіў нож у гэтае сэрца, хто выпіў жыцьцё з чырвоных кветак на роднай магіле*?
Я нясу да тваёй малебнай цела забітага чалавека. Табе ўсяго 25 жыцьцё такое доўгае, а ты ўжо не прымаеш мой стол. Ты хацеў, выпадковы чалавек, слухаць мае клічы з высокай гары? Ты хацеў распранаць мяне і класьці побач у гэтым стагодзьдзі?
Так вазьмі мяне і таргані, што ёсьць моцы, аб бліжэйшы слуп рэчаіснасьці!!!
Я буду жыыыць.. я буду тваім вуду.. (с)

- Божухна, яна была такая.. яшчэ зусім такая..
- А я вось бачыла, што гуляла часта да пазна, і кент паліла, не нашыя цыгарэты, а дарагія за тры тысячы - дык падзі зараз высьвятлі, каму гэная прадажная сучка аддавалася..
- Што ж Вы кажаце, цётачка, хіба ў Вас сэрца няма?
- Якое сэрца?? наркаманы праклятыя.. ведаем мы чаму заснуць нельга ў гэтым горадзе.. парнографы недавучаныя..
- Няхай сьпіць, не будзіце прыгажуню..

А ты простым сутулым позіркам пастаіш з намі пад гэтым мокрым дажджом..
накінеш свой шэры капялюш..
заплюшчыш і расьцісьнеш ад ліха свае вочы..
____________________________________________________________________________
угу, даражэнькі, жыцьцё бяжыць, а ты не пасьпеў. і наўрад ці шмат пасьпееш. а як бы хацелася.
так што вазьмі, калі ласка, і вынясі нашае сьмецьце зараз, а не потым.

* * *
Бясконцыя плыні аўтамабіляў, штучнае сьвятло ліхтароў над галовамі жанчыны с доўгімі валасамі і ў кароткім паліто і хлопца год дзевятнаццаці з шэрым старым заплечнікам. Далёкая лінія далягляду, дом у трыццаць сем паверхаў і людзі, што марудна шпацыравалі па прыцемках верасьнёўскіх вечароў.
- Сёньня, у мае семдзесят дзевяць, я распавяду табе, мілы хлопчык мой, як нельга жыць. Як жыць нецікава, як жыць нудна, як жыць бессэнсоўна, як жыць глупа..

... Дзяўчына ў чырвонай спадніцы абрала кампутар, што бліжэй да адміністратара, замовіла гарбату і тысячны раз пашкадавала, што адна палезла на дах, сарвала дрот і адрубіла дом ад электрычнасьці. Твар быў мокры, але яна не заўважала, сьлёзы не спыняліся - ужо каторы дзень яна не магла выкінуць з галавы мужчыну.
Начная вандроўка ў цэнтр горада ня мела сэнсу, але ёй у жыцьці ў гэты момант быў патрэбен ну хаця б хто-небудзь.
"Не, Божа, не апускацца.. не паказваць, не скуголіць, зьмяніць нумар тэлефона, памяняць сябе, забіць на гэта, забіць, забіць.. - "забіць" рэхам аддавалася ў кожнай клетачцы тонкага цела, біла сьвядомасьць, спыняла думкі. - Божа, мне жа толькі дваццаць восем!.. ну і няхай.."
Праз колькі хвілінаў яна ўжо аддавала літары адчыненаму вакну, чалавеку, што таксама ня спаў у гэтым сумным горадзе.
А тады, год таму, усё здавалася да лепшага. І салёны пах паветра, і раніца, і жанчыны, што дваццаць пятым кадрам пранасілі сваю пахлаву, і бясконцыя шчасьлівыя дзеці, і гэты мужчына, якому было пад шэсцьдзесят. Ён задумліва сядзеў і глядзеў на незаўважную палоску, што разьдзяляе неба і акіян, яго прывязаную побач лодку зрэдку штурхала хвалямі. А яна стаяла і глядзела. Яна, каторая ішла па тонкаму шклу, каторая лятала над кантынентамі, каторая спрабавала ў тысячны раз, але кожны ёй здаваўся першым...

- Вось бачыш - усё у тваім жыцьці толькі пачынаецца, але ад цябе залежыць, якім яно будзе.

* * *
Бясконцую ноч не прыдумалі. Шкада.
Электроннае сэрца не прыдумалі. Дарэмна. А спатрэбілася бы.
Бязгучнай песьні не чутно.
Акордаў няшмат.
Гарбата белая, зялёная і чорная.
Сон хуткі і павольны.
Думак - няспынна.
Дым з чарнасьлівам.
І вецер у зачыненым пакоі.
Калаварот.
Я губляюся.

Ізноў гэтая самая салята. Тыя ж спецыі, прыправы, тыя ж лыжкі, ложкі, ножкі.
Але на гэты раз я
- сама буду саліць, я хачу сама перасаліць сваю страву,
- сама сяду за руль, я хачу сама разьбіць сваю машыну,
- сама распрануся, я хачу сама замёрзнуць гэтым целам,
- сама пайду, я хачу сама адхадзіць гэтыя ногі,
- сама сыйду, я хачу сама зачыніць за сабой дзьверы..

а говорила сама, сама..
ближе, скорей бы зима, зима..

* * *
Будую шчасьце. На дыване. На газэтах. Цэглай.
Пальцамі. Думкамі. МІнулым. Кветкамі ў зямлю. Розумам.
Адкаркоўваю бутэльку. Джына няма. Будзе ром. аТравень.
Гіне маё шчасьце. Падымаю. Заліваю вадой. Лекамі. Песьнямі.
Жыве.
У сэрцы даўно жыве.
Частка мяне, хадзем? ключы, балахон, кішэні, ногі, нічога не забылі? Вітаю, сутык вятроў.
Сёмы паверх.. шосты.. пяты.. дом.. другі.. лес.. сьцяжыны..
- Дзе лісьце пад нагамі???? - вусьцішным сполахам нярвова дыхаю, - не восень пазьней, здаецца. А лісьце жа прыбіраюць заўсёды. Канешне, навошта пакідаць няВольным людзям творчасьць? Кіляграмы творчасьці. Тоны творчасьці.
Хачу здрадзіць. Каб было за што абвінавачваць сваё салодкае жыцьцё. Вечнае пачуцьцё. Самае вечнае. Вечнае жыцьцё. Кола сансары? Я хаваюсь за цябе - ты за мяне. Круціцца ў галаве. Я бягу па коле, я за табой. Цябе няма - гэта я. Бачыць Ён - я сама цябе выдумала.
Але ты бліжэй. Мы яшчэ з табой пабегаем адно за адным. Ты ў сэрцы.. Ці пад сэрцам? (-:
турбуюць думкі:
ты.
* * *
Менск цяжка дыхаў. Ён прадчуваў, што хутка нешта будзе. А Беларусі ўсё не было і не было.
"Можа яна зусім ня прыйдзе?"
Але надзея не памірала. Заледзянелыя кветкі, здавалася, праз лічаныя сэкунды пачнуць гучным лямантам клікаць яе імя.
"Божа я так любіў яе, супакойваў яе, шаптаў ёй казкі на вушка перад сном, я аддаў ёй сябе."
Холад ужо раскладваў намёты ў капялюшы, засвойваўся ў рукавіцах, ён імкнуўся ў сьвядомасьць.
"Няўжо яна ня чуе майго подыху?! Ён жа цяжкі, балючы."
Менск ня ведаў - яе чакалі ўсе. Кожны. Менску было маркотна, але ў паветры ён спадзяваўся, верыў, шукаў яе вачыма. Рукі сінелі. Не адчуваліся ногі. Усё жыцьцё пранасілася ў галаве: усё добрае і ўсё благое зь яго. Усе намаганьні й спробы жыць. Кожны крок... Ён згадваў яе пакутную гісторыю, яе самых-самых. Гадзінамі, соднямі, тысячагоддзямі Менск чакаў яе. А яе ўсё не было.
"Гэта наш апошні шанец," - адчай вырываўся з глыбіні душы і імкнуўся далёка ў Сусьвет, нібыта толькі адтуль Беларусь пачуе яго.
Ішлі гадзіны, дні. Ці толькі Менску так здавалася? Можа гэта былі толькі сэкунды?
"Няхай," - цяжка сказаў голас паміраючага Менску.
І толькі тут з-за белага будынку паказалася чароўная паненка - Беларусь...
* * *
Дзьверы дамафона цяжкія. Яны не выпусьцяць нас, здаецца, ніколі. Мы чакаем вясны ў пад'езьдзе. Завеі, мінус. Вялікі. Глыбокі. Сьнег.
Суседзі ўзялі ў кішэні свой бясконцы сьвет:
ключы,
дзяцей,
хусьцінкі,
запальнічкі,
белыя цыгарэты,
турботы-клопаты,
шаўковыя дзірачкі,
пашпарты грамадзяніна,
запрашэньні на выбары прэзідэнта,
бясплатны выпуск "Советской Белоруссии"..................
Мы ўсе чакаем. Грамадой чакаем. Я адчуваю ў паветры барацьбу маіх думак. Мае кішэні пустыя. Мой сьвет у рукавічках_у рукавіцах_у рукох? У мяне нічога ў кішэнях, акрамя тысячы сяброў. А гэта мой бясконцы сьвет. Я дастаю сяброў зь кішэняў - яны не ўбягаюць(-: Мы разам. Разам з барацьбой думак. Разам з барацьбой. Разам з табой. Мы будзем разам з табой вечна, бясконца, доўга-доўга кожную зіму чакаць вясны.
Асьцярожна, дзьверы адчыняюцца. Наступная станцыя Жыцьцё.
* * *
Няўжо вам мяккія знакі ў словах ня лекуюць душу? сьмешныя(-:
Мне лекуюць. вельмі. Проста часам нават і не ўсьведамляеш як зь імі добра. Нязграбна бяз іх. Пры чым ня проста нязграбна - ные сэрце, калі бяз іх. Мне ня важна, што іх не прымае грамадзтва. А што я прымаю ад грамадзтва? А што, кагосьці наогул хвалюе жыцьцё грамадзтва на столькі, што вы пазбаўляеце сябе мяккіх знакаў?!
Яны ж адно ёсьць у вашым маўленьні вербальна...
Я іх люблю. Яны для мяне усьмешкамі пасьля жорсткіх зычных. Яны былі й будуць. Абавязкова. Пакуль я. Прынамсі з разуменьня дакладна ня выкрэсьліш! Паданьне? А ці мы ўсе не жывем у казцы? Здаецца жывем. Нарадзіліся ў Мінску, жывем у Менску. А лацінка ня ведае мяккіх знакаў - ну й няхай жыве асобна ад мяне.
Чараўніца Ціханава... яна, цікава, любіць гэтыя знакі? мяккія?
Яны для мяне жывыя!!! шчыра! "Каханьне".... няўжо бяз мяккасьці? Сталеньне. Нарэшце пазяханьне! - яго не існуе жорсткага! я ведаю. пязяхала. Пераканайце мяне, калі памыляюся. Калі ласка. Не люблю памыляцца - Вось і пераканайце, але хіба гэта ня слушна?
Вашыя сэрцы мяккія, як вы бяз мяккасьці ў мове?
* * *
Самыя. самыя.
Няўжо няма іншых позіркаў як пяшчотныя? Твае вочы шукаюць мой погляд, знаходзяць... Ён зьбягае. Яны ловяць...
Цябе не існуе, ці Ты ёсьць? Дзе ж Ты тады?
Твае вочы мяне бянтэжаць. Адзіныя такія ў цэлым сьвеце. Я адно нічога болей ня бачу, але вочы!
Спускаюцца рукі па сьценцы, па той менавіта, да якой Твой позірк і прыціснуў мае вочы. Я спалохана? - вядома ж не... Я чакаю будучыні. Чакаю. Чакаю. Ты зьнікаеш... рэчы навокал таксама... А якія там рэчы? я й ня бачыла - памятаеш? Толькі твае вочы.
Я прачынаюся.
Халодна адразу ў нос, хаваю яго пад коўдру. Сумую пэўна. За вакном шэрыя хмары. Я люблю сваю мяркоту, яна для мяне чароўная. Шукаю пантофлю на падлозе поглядам. Няма пантофлі - ну й няхай. Няхай гэта сон, але халодны подых пакоя і раніцы цьмяна вяртае ў жыцьцё. Я яшчэ там. Я там буду заўсёды.
Мне хочацца пачуць: "А мае вочы ўжо тут". Але я не пачую гэтага. Не маю слыха. Не маю шчасьця? - маю. Твае вочы ж...
* * *
віртуалізацыя размоў з самарскай акустыкай
турбуюць думкі:
мроі
турбуюць сэрца:
людзі
* * *

Advertisement